ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Пд Зах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р. Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)